20 апреля 2024, 13:08
rubeen
logo

Климовичский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213633, г. Климовичи, пл.50 лет Великого Октября, д.2
Приемная: (02244) 7-78-01, факс (02244) 7-79-52
E-mail: rik@klimovichi.gov.by
Вторник, 08 мая 2012 18:17

«Клімавіцкаму аграрнаму каледжу - 80!»

Пры ўездзе ў г. Клімавічы з боку шашы Брэст—Масква, у маляўнічым бярозавым гаі, у трох светлых карпусах размясцілася адна са старэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь — дзяржаўны аграрны каледж, якому сёння спаўняецца 80 гадоў.

Створаны ён быў на базе заводскага вучылішча, якое сваімі каранямі ўваходзіць яшчэ ў дарэвалюцыйную гісторыю. Падрыхтоўкай спецыялістаў для прадпрыемстваў Ціманаўскага павета займаўся рамесны клас мясцовага народнага вучылішча, які размяшчаўся на тэрыторыі сучаснага вучэбнага корпуса № 2.

Гэты клас быў адкрыты па загаду цара Аляксандра ІІІ. Абучэнне для дзяцей сялян і мяшчан Клімавіцкага павета было бясплатным. Для іншых яно каштавала 20 рублёў у год.

У 1908 г. рамесныя класы пераўтвораны ў ніжэйшую рамесную школу. На той час было пабудавана двухпавярховае цаглянае памяшканне. Пры Савецкай уладзе рамеснае вучылішча стала прафтэхшколай. У верасні 1931 г. яна становіцца фабрычна-заводскім вучылішчам. 5 мая 1932 г. на яго базе створаны пчалярскі тэхнікум. Такую назву ён атрымаў невыпадкова. Пчалярства з’яўлялася старажытным рамяством клімаўчан.

У лютым 1933 г. у наш горад з Мар’інагорскага сельскагаспадарчага тэхнікума перавялі дзве групы навучэнцаў. У тым жа годзе тэхнікум быў поўнасцю ўкамплектаваны навучэнцамі ўсіх трох курсаў. Заняткі праводзіліся ў невялікім двухпавярховым цагляным памяшканні, якое пабудавалі ў 1911 г. Акрамя гэтага, навучальнай установе перадалі 5 драўляных жылых дамоў.

У 1934-35 гг.да старога цаглянага памяшкання зрабілі прыбудову з белай цэглы. У такім выглядзе стары корпус праіснаваў да сярэдзіны70-хгадоў.

Расказвае сённяшні дырэктар каледжа Валянціна Сцяпанаўна ВАСІЛЬЕВА:
— Першым дырэктарам тэхнікума быў прызначаны М.І. Лукомскі, які загінуў у час блакады ў Ленінградзе. Дырэктарамі таксама працавалі Н.А. Хадасевіч, Ф.І.Кандрацько, В.І.Малочка, М.Н.Курашаў, Ф.К.Матарыкін, М.І.Эрдман, Д.Х. Давыдзенка, П.Ф.Балдэсаў, В.Ф.Свістуноў, А.Ф.Ходус, Я.А.Барысевіч, М. М.Жыгалка. Яны аддавалі свае веды і вопыт выхаванню патрыётаў Радзімы, сапраўдных спецыялістаў сельскагаспадарчай вытворчасці. У перадваенныя гады тут падрыхтавалі 578 спецыялістаў сельскай гаспадаркі: 293 заатэхнікаў і 285 тэхнікаў-пчаляроў.

Шмат гераічных падзей у гісторыі навучальнай установы звязана з Вялікай Айчыннай вайной. Многія яе выкладчыкі і навучэнцы загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Дзякуючы энтузіязму людзей разбураны вайной тэхнікум быў у кароткі тэрмін адбудаваны. Вялікая заслуга ў гэтым належыць дырэктару П.Я.Кашпару і ўсяму педагагічнаму калектыву. Ужо ў снежні 1945 года адбыўся першы выпуск спецыялістаў.

З 2002 года гэта — установа адукацыі «Клімавіцкі дзяржаўны аграрны каледж».

За 80 гадоў работы тут падрыхтавана каля 20 тысяч спецыялістаў сярэдняга звяна для сельскай гаспадаркі. За дасягнутыя поспехі і ў сувязі з 50-годдземз дня ўтварэння Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР былы саўгас-тэхнікум узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Шмат зрабіў для ўдасканалення выхаваўчай работы, стварэння народнага хору І.А. Баршчоў. Вялікі ўклад у арганізацыю патанатамічнага музея, музея хлеба і прыроды ўнесла В.П.Жыгалка. Пад кіраўніцтвам А.Ф.Ходуса створаны анатамічны музей.

Сёння ў калектыве каледжа працуе 201 чалавек. Тэарэтычныя, лабараторныя і практычныя заняткі праводзяцца ў абсталяваных тэхнічнымі сродкамі навучання 18 кабінетах, 32 лабараторыях, размешчаных у трох светлых карпусах на 1770 месцаў, ветэрынарнай клініцы, вытворчых майстэрнях, вучэбна-вытворчай ферме буйнай рагатай жывёлы, свінаферме, пчалінай пасецы.

Да паслуг навучэнцаў адміністрацыйна-бытавы корпус з актавай залай, тры добраўпарадкаваныя інтэрнаты, бібліятэка, сталовая, тры спартыўныя залы. Зроблена кафэ для моладзі, дзе рэгулярна праводзяцца дыскатэкі, вечары адпачынку і іншыя мерапрыемствы.

На працягу значнага часу ў каледжы працуюць розныя аб’яднанні па інтарэсах. Цікава і змястоўна арганізавана работа клубаў «Афрадыта» і «Гаспадынька», вакальна-інструментальнага ансамбля, народнага хору і інш.

На летні перыяд тут ствараюцца студэнцкія атрады, якія працуюць на розных аб’ектах раёна. Створаны і дзейнічаюць арганізацыя БРСМ, добраахвотная народная дружына з ліку выкладчыкаў і навучэнцаў, валанцёрскі атрад «Ветэран».

Многія з выпускнікоў каледжа ўдастоены высокіх урадавых узнагарод, займаюць адказныя дзяржаўныя пасады. Сярод іх — доктары ветэрынарных навук М.А.Кавалёў, А.С.Шашэнька, І.М.Ігнаценка і іншыя. Многія, вярнуўшыся ў наш горад пасля заканчэння вышэйшых навучальных устаноў, працы на вытворчасці, зараз аддаюць свае веды і вопыт навучэнцам. Гэта А.К.Савіцкі, У.М.Босаў, Н.П. Дземідовіч, П.А.Гамолка, Л.У. Філінава, іншыя іх калегі.

Добрасумленна працуюць выкладчыкі Л.М.Тужыкава, Э.В. Бяляцкая, В.М.Чыгрэцкая, У.І. Загорскі, У.В.Трусаў, Л.А.Ракузава, А.А.Базылевіч, Л.В.Пусянкова і іншыя.

Вялікі ўклад у падрыхтоўку спецыялістаў сельскай гаспадаркі ўнеслі заслужаныя выкладчыкі БССР: А.Е.Ціханава, М.Ф.Шыпінская, Т.А.Пісьмянкова, выкладчыкі А.Б.Давыдоў, М.А.Гараднічы, Л.А.Цілігузаў, Я.П.Багамазаў, Б.П.Варонін, Р.М.Ласковіч, М.Л.Ласковіч, Т.З.Салдаценкава, Д.В.Смірноў, Т.М.Каравінская, Д.М.Баранава, Г.А.Рабава і многія іншыя.

За дасягнутыя поспехі ў падрыхтоўцы спецыялістаў для сельскагаспадарчай вытворчасці каледж неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, Граматамі і Дыпломамі Міністэрства сельскай гаспадаркі.

Свой80-гадовыюбілей калектыў навучальнай установы сустракае добрымі вытворчымі паказчыкамі. Тут атрымана ўраджайнасць зерня 39,9 цэнтнера з гектара, бульбы — 370 цэнтнераў, надоена 5160 кілаграмаў малака на карову. Сярэднясутачная прывага на адкорме і дарошчванні склала 653 грамы.

У перспектыве наша навучальная ўстанова будзе змагацца за статус «вышэйшы каледж». З надзеяй думаем пра пашырэнне колькасці спецыяльнасцяў.

Сёння ў кабінетах і лабараторыях нашай установы займаюцца 640 юнакоў і дзяўчат. Уперадзе — складаны шлях пошуку і карпатлівай працы.

Шчыра віншую ўвесь калектыў з юбілеем і жадаю новых поспехаў на карысць нашай Радзімы!

Падрыхтаваў Мікалай ГЛУЗДОЎ

 

Разработка и сопровождение
КУП «МОЦИС», г.Могилев

© 2024
Климовичский районный исполнительный комитет
Официальный сайт