7 мая 2024, 19:27
rubeen
logo

Климовичский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213633, г. Климовичи, пл.50 лет Великого Октября, д.2
Приемная: (02244) 7-78-01, факс (02244) 7-79-52
E-mail: rik@klimovichi.gov.by
Пятница, 30 августа 2013 14:35

Сям’я Галкоўскіх: тут берагуць традыцыі

Сям’я Галкоўскіх з вёскі Судзілы: бацька, Аляксандр Мікалаевіч, маці, Людміла Аляксандраўна, дачка Дар’я, сыны Захар і Аляксандр. Тут берагуць традыцыі. Тут змалку вучаць працаваць і дзяцей, і ўнукаў. Вучаць любіць сваю вёску, свой край.

Такіх людзей, улюбёных у родны кут, яго гісторыю; такіх, якія любяць і ўмеюць працаваць; гаспадарлівых і шчодрых, хто вядзе жыццё па дзедаўскай навуцы — у сучаснай вёсцы сустрэнеш нячаста.

Галкоўскія трымаюць вялікую гаспадарку: каровы, конь, авечкі, іншая жывёла і птушка. І прытрымліваюцца думкі, што сваё лепш за магазіннае.
Апроч таго, што на стале заўсёды ёсць малачко, смятана, масла, тварог і іншыя малочныя прадукты, лішкі малака здаюць дзяржаве — здаюць не слоікамі, нават не вёдрамі — саракалітровымі бітонамі. А смакату сялянскіх каўбас, іншых мясных прысмакаў ніколі не забудзе той, хто хоць раз іх пакаштаваў.

Авечкі спакон вякоў апраналі, абувалі і кармілі чалавека. Вось і ў Галкоўскіх таксама. У зімовыя маразы нішто лепш не сагрэе, як утульны і цёплы, натуральны кажушок з аўчыны. З воўны гаспадар робіць цудоўныя лёгкія валёнкі. Аляксандр Мікалаевіч — знакаміты шапавал. Прыгожыя, мяккія, даўгавечныя валёнкі атрымліваюцца ў яго — для дарослых і малых. А яшчэ ён пчаляр па адукацыі і прызванню. У Галкоўскіх адна з самых вялікіх у раёне пасек — больш за восемдзясят вулляў. Домікі для пчолак майструе з сынамі сам гаспадар. Аляксандр Мікалаевіч беражэ і тыя вуллі, што дасталіся яму ў спадчыну. І ўсе вуллі занятыя пчоламі. Самы старажытны пчаліны домік (ад прадзеда) — 1915 года.

Майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Валодае старадаўняй клімавіцкай методыкай пляцення паясоў, навучыў гэтаму ўсю сям’ю. На абласным фестывалі народнай творчасці «Беларусь — мая песня» (1998 г.) за адраджэнне беларускіх народных промыслаў Аляксандр Галкоўскі быў адзначаны Дыпломам трэцяй ступені.

А на рэспубліканскім фестывалі-ярмарцы «Дажынкі-2006» (г. Бабруйск) прадстаўляў Клімавіцкі раён з «Сядзібай Галкоўскага». Прымаў удзел таксама ў «Дажынках-2012» у Горках. У 2010-м годзе сямейныя паясы былі прадстаўлены на выставе падчас Дзён Беларусі ў Маскве. Аляксандр Мікалаевіч — удзельнік розных абласных і раённых мерапрыемстваў.

За свае сродкі ўстанавіў на вясковых могілках помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
Знаўца фальклору. У пачатку 1990-х ён дапамагаў беларускаму ансамблю «Ліцвіны» збіраць народныя песні Клімаўшчыны. Разам з кіраўніком ансамбля Уладам Берберавым наш зямляк аб’ехаў тады нямала вёсак. Ды і сам ён — самабытны выканаўца. Ведае і з ахвотай раскажа вам мноства цікавых гісторый, паданняў, легенд. Пра людзей-волатаў, пра «татарскія» знакі, пра шляхту, пра князёў...

Дом-музей — так можна назваць сядзібу Галкоўскіх. Ёсць тут і старажытныя манеты, і старадаўнія іконы, наборы нацыянальнай вопраткі розных часоў і яшчэ шмат чаго цікавага. Пра кожны экспанат гаспадар можа распавесці цэлую гісторыю. Прадметы даўніны з іх дома пабывалі на розных выставах (у Бабруйску, Магілёве, Мінску, Маскве). Любоў да мінулага, беражлівыя адносіны да нацыянальных і сямейных традыцый не маглі не адбіцца на выхаванні дзяцей. Дачка Дар’я і сын Аляксандр, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, працуюць зараз у раённым краязнаўчым музеі. Прычым, Дар’я Аляксандраўна выконвае абавязкі дырэктара музея.

Трэба памятаць мінулае, каб надзейнай была будучыня.

Галіна Цыганкова

 

Разработка и сопровождение
КУП «МОЦИС», г.Могилев

© 2024
Климовичский районный исполнительный комитет
Официальный сайт