4 июля 2024, 17:22
rubeen
logo

Климовичский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213633, г. Климовичи, пл.50 лет Великого Октября, д.2
Приемная: (02244) 7-78-01, факс (02244) 7-79-52
E-mail: rik@klimovichi.gov.by
Вторник, 16 сентября 2014 11:14

Родня — сталіца раённых «Дажынак —2014»

«Дажынкі» памянялі свой фармат. У гэтым годзе святы ўраджаю пачынаюцца ў раёнах. Працягнуцца — у вобласці. На Магілёўшчыне абласныя дажынкі 20 верасня прыме Кіраўск. А на Клімаўшчыне сталіцай раённых «Дажынак-2014» стаў аграгарадок Родня.

 

Да Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Родненскага сельскага Савета было каля 30 калгасаў. Звычайна адна вёска ўяўляла сабой адну гаспадарку. Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў калгасы набіралі сілы. Найбольш моцнымі былі: «Іскра» (старшыня Трафім Лукіч Саковіч), «Праўда» (Арцём Мацвеевіч Кузьмянкоў), «Бронь» (Раманенка). У пачатку 50-х гадоў па закліку партыі адбылося ўмацаванне калгасаў. На чале сельскіх гаспадарак Радняншчыны сталі камуністы-трыццацітысячнікі: Андрэй Цімафеевіч Какашынскі ўзначаліў калгас імя Кірава, Андрэй Сямёнавіч Копаць — калгас імя Леніна, Аляксандр Іванавіч Салаўцоў — калгас «Полымя». Па-ранейшаму перадавым калгасам у сельскім Савеце быў калгас «Іскра», якім кіраваў Лаўрэнцій Іванавіч Голікаў.

У пачатку красавіка 1957 года ўсе калгасы Родненскага сельскага Савета былі аб’яднаны ў буйны саўгас «Раднянскі», які ўзначаліў Васіль Канстанцінавіч Старавойтаў. Пачаліся вялікія перамены ў вёсцы. У 1958 годзе — электрыфікацыя, затым неўзабаве ў кожны дом увайшло радыё. З пачатку 1960-х гадоў з’явіліся ў дамах тэлевізары. Праз Родню прайшла асфальтаваная дарога. Вырасла новая вуліца з дыхтоўнымі дамамі. Гэтыя змены шмат у чым былі звязаны з першым дырэктарам саўгаса.

Менавіта дзякуючы Васілю Канстанцінавічу Старавойтаву адбыўся вялікі рывок у развіцці сельскай гаспадаркі. Пры ім у вёсцы Сабалёўка была пабудавана птушкафабрыка. Васіль Старавойтаў меў у людзей вельмі высокі аўтарытэт. Яго паважалі за дзелавітасць і гаспадарлівасць. Да гэтага часу пра былога дырэктара кажуць: «Вось гэта быў гаспадар!». Хоць далёка не ўсім падабалася яго патрабавальнасць.

У 1966 годзе Васіль Канстанцінавіч Старавойтаў атрымаў высокае званне Герой Сацыялістычнай Працы, а ў 1984 годзе яшчэ раз быў удастоены гэтай узнагароды — калі ўжо працаваў старшынёй калгаса «Рассвет» Кіраўскага раёна.

Зараз Родня — сучасны населены пункт, аграгарадок з усёй неабходнай інфраструктурай: сярэдняя школа, дзіцячы сад, участковая бальніца, бібліятэка, Дом культуры, крамы і г. д. Нямала моладзі, а значыць, у аграгарадка ёсць будучыня.

Паступальна развіваецца сельскагаспадарчая галіна. Праца селяніна ніколі не была лёгкай. Аднак раднянцы цяжкасцяў не баяцца. Пра гэта кажуць паказчыкі і ў жывёлагадоўлі, і ў раслінаводстве.

ААТ «Раднянскі» (кіраўнік Юрый Аркадзьевіч Уласікаў) гаспадарка немаленькая. Агульная зямельная плошча складае 8660 гектараў; з іх сельгасугоддзі — 7802 гектары, ралля — 4494 гектары. Грамадскі статак налічвае 3540 галоў, у тым ліку кароў — 1115 галоў. Штодня раднянцы прадаюць дзяржаве больш за пяць тон малака.

У гэтым годзе парадавалі ўраджайнасцю тутэйшыя палі. Нездарма кожны тыдзень мы прыязджалі ў дадзеную гаспадарку для ўзнагароджання лідараў уборачнай кампаніі. У ААТ «Раднянскі» лепшая ў раёне ўраджайнасць збожжавых — 46 цэнтнераў з гектара.
Заўсёды чысты і акуратны населены пункт да «Дажынак» рыхтаваўся асабліва. Ён апрануў святочнае ўбранне і папрыгажэў. Сёння ў Родні вялікае свята. Яна сустракае гасцей не толькі з усяго нашага раёна, але нават і з Расіі.

Климовичская районная газета «Родная ніва»

 

Разработка и сопровождение
КУП «МОЦИС», г.Могилев

© 2024
Климовичский районный исполнительный комитет
Официальный сайт