5 июля 2024, 02:23
rubeen
logo

Климовичский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213633, г. Климовичи, пл.50 лет Великого Октября, д.2
Приемная: (02244) 7-78-01, факс (02244) 7-79-52
E-mail: rik@klimovichi.gov.by
Пятница, 06 марта 2015 17:18

У клімавіцкім карагодзе

У памяці народа, а часам і ў актыўным бытаванні, захаваліся лепшыя фальклорныя традыцыі, іх прадэманстравалі ўдзельнікі раённага фальклорнага конкурсу «Клімавіцкі карагод». У конкурсе прымалі ўдзел 13 школ раёна і Клімавіцкі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Хлопчыкі і дзяўчынкі ў тэатралізаванай форме паказалі абрады «Заручыны», «Улазіны», «Саракі», «Вялікдзень», «Гуканне вясны» і іншыя. Таксама гулялі ў гульні, спявалі меладычныя песні, дэманстравалі народныя касцюмы.

У намінацыі «Беларуская аўтэнтычная фальклорная песня» лепшай прызнана песня навучэнцаў Мілаславіцкай СШ «Ой, жала я, жала», запісаная ў вёсцы Цітаўка ад Соф’і Багачовай. На другім месцы — навучэнцы Ціманаўскай СШ, яны спявалі песню «Каля рэчанькі», якую перанялі ад Марыі Цыкуновай, на трэцім — СШ № 4 за выкананне песні «Дзе сонца закацілася».

А вось за народны касцюм першае месца атрымалі навучэнцы СШ № 1, другое месца — навучэнцы Клімавіцкага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, трэцяе — раённай гімназіі.

Усё жыццё беларусаў суправаджаюць народныя гульні, у якіх бяруць удзел і старыя, і малыя. Лепшай гульнёй на фальклорным свяце стала «Печ ката», якую паказалі навучэнцы Палошкаўскай сярэдняй школы. Не менш цікавымі былі «Крывы танок» — у выкананні хлопчыкаў і дзяўчынак з СШ № 3 і «Блін гарыць» — у выкананні прадстаўнікоў Звянчацкай школы.

Усе ўдзельнікі добра прадставілі абрады нашых продкаў, і ўсё ж такі кампетэнтнае журы прысудзіла першае месца навучэнцам Раднянскай школы — за абрад «Прыехалі сваты на двор» (на здымку). Клімавіцкі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі атрымаў другое месца. А вось трэцяе месца паміж сабой падзялілі Мілаславіцкая і Палошкаўская школы.

Па выніках усіх конкурсаў пераможцамі сталі прадстаўнікі Мілаславіцкай СШ. На другім месцы — Палошкаўская СШ, на трэцім — Раднянская СШ.

Дар’я Эверс

 

Разработка и сопровождение
КУП «МОЦИС», г.Могилев

© 2024
Климовичский районный исполнительный комитет
Официальный сайт