5 июля 2024, 20:22
rubeen
logo

Климовичский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213633, г. Климовичи, пл.50 лет Великого Октября, д.2
Приемная: (02244) 7-78-01, факс (02244) 7-79-52
E-mail: rik@klimovichi.gov.by
Пятница, 05 февраля 2016 10:35

Традыцыі, рамёствы, майстры

Вышыванкі гладдзю і крыжыкам; рушнікі і падзоры; фартухі і кашулі; даматканыя пакрывалы; гліняныя збаны і гаршкі; драўляныя кадушкі і шайкі — усё гэта мелі нашы продкі (і зусім не такія ўжо далёкія) у звычайным побыце. Сучаснае ж маладое пакаленне ведае гэтыя рэчы больш за ўсё па літаратуры, тэлеперадачах, ці як музейныя экспанаты.

У гарадской бібліятэцы № 1 адбыўся турнір знаўцаў «Забытая даўніна: традыцыі, рамёствы, майстры». Назва ўжо гаворыць сама за сябе — у якім кірунку ішла размова на мерапрыемстве. Так, знаўцам трэба было паспаборнічаць у веданні народных традыцый і рамёстваў Беларусі.

У эрудыцыі спрачаліся каманды «Вытокі» і «Крыніца» (навучэнцы 10 і 11 класаў сярэдняй школы № 4, класныя кіраўнікі Ірына Іванаўна Сцепянкова і Алена Сілівестраўна Івалга). Цікавыя пытанні для іх падрыхтавалі супрацоўнікі бібліятэкі Алена Севярынава і Крысціна Курносава.

Турнір знаўцаў уключаў восем тураў. Удзельнікам трэба было разгадаць «мову» арнаментаў і ўзораў на рушніках; прадэманстраваць веды па народнай творчасці беларусаў; назваць нацыянальныя рамёствы і промыслы, а таксама вырабы майстроў і г. д.

Трэба сказаць, навучэнцы паказалі даволі добрыя веды. Лёс перамогі вызначыў усяго адзін бал: з мінімальнай перавагай перамагла каманда «Вытокі».

Балы падлічвала журы ў складзе Ганны Іванаўны Кірпічэнкі, Надзеі Дзмітрыеўны Паўлючэнкі і Людмілы Уладзіміраўны Зайцавай.

Але сам турнір знаўцаў — гэта яшчэ не ўсё. У бібліятэцы была разгорнута цікавая выстава «З крыніц майстэрства». Яна ўключала літаратуру па розных відах рамёстваў, выяўленчаму і дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, а таксама вышыванкі нашых землякоў. Карпатліва і з любоўю вышывалі свае рэчы Марыя Захараўна Трахаўцова (1928 года нараджэння) і Марыя Іванаўна Дуктава (1918 года нараджэння). Яны ўжо пайшлі з жыцця, а вышыванкі цёткі і маці прынесла Валянціна Фёдараўна Дуктава.

Марыя Іванаўна Чарканава жыве ў Ціманава, ёй 82 гады. Пажылая жанчына не змагла сама прысутнічаць на сустрэчы, але яе вышываныя работы прадэманстравала дачка Надзея Дзмітрыеўна Паўлючэнка.

А вось Валянціна Афанасьеўна Чумакова прадставіла свае вышыванкі сама і цікава пра іх расказала. Гэта актыўны чытач бібліятэкі. Як, дарэчы, і ўсе названыя жанчыны.

Ёсць што прадэманстраваць і Ганне Кірпічэнцы: жанчына добра вышывае і гладдзю, і крыжыкам. Яна маладая мама, знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку па доглядзе дзіцяці, а раней і сама працавала ў гэтай жа бібліятэцы.

Яшчэ адна маладая майстрыха, Таццяна Маскалёва, займаецца бісерапляценнем. Цудоўныя рэчы атрымліваюцца ў яе! У гэтым маглі пераканацца ўсе прысутныя.

Мерапрыемства атрымалася змястоўным: гэта і турнір знаўцаў, і выстава, і абмен вопытам, і цікавая бяседа.

Галіна ЦЫГАНКОВА
Фота Валерыя АСМАЛОЎСКАГА

 

Разработка и сопровождение
КУП «МОЦИС», г.Могилев

© 2024
Климовичский районный исполнительный комитет
Официальный сайт