3 июля 2024, 13:27
rubeen
logo

Климовичский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213633, г. Климовичи, пл.50 лет Великого Октября, д.2
Приемная: (02244) 7-78-01, факс (02244) 7-79-52
E-mail: rik@klimovichi.gov.by
Среда, 20 июня 2012 16:05

Смачны час у пчаляроў

Зараз у пчаляроў самы смачны час — выкатка спелага мёду, які пчолы сабралі з першых вясновых кветак, рапсу, крушыны.

На жаль, у чэрвені з-за даволі халоднага надвор’я і дажджоў, па словах пчаляра з трынаццацігадовым стажам Міхаіла Рацэева, колькасць карыснага ласунку значна менш, чым летась у гэты ж час.

Выганка мёду — працэс працаёмкі. У гэтай справе на дапамогу клімаўчаніну М.І.Рацэеву прыходзіць жонка Лідзія Іванаўна і зяць Павел, які спецыяльна прыязджае са сталіцы.

Міхаіл Іларыёнавіч жыве з сям’ёй у райцэнтры, а яго пчальнік знаходзіцца ў вёсцы Мядзвёдаўка, што ў дзевяці кіламетрах ад горада. У гэтым населеным пункце майстар мядовай справы два гады таму набыў хату. Зараз тут для яго пчолак — раздолле і добрая меданосная база.

— Я вырас у вёсцы. З маленства працаваў на зямлі. З гэтай пачэснай працай не развітваюся і зараз. Каб мець добры ўраджай садавіны і гародніны, карысна трымаць пчол. Нездарма ж народная мудрасць сведчыць: «Няма сада без пасекі, а пладоў без пчол». Акрамя першай выгады, можна мець таксама і каштоўны прадукт для здароўя, — пераконвае аўтара гэтых радкоў спецыяліст. — Многаму ў пчалярстве навучыўся ад суседа Рыгора Гулака. Ён і словам, і справай не раз дапамагаў мне, за што я яму вельмі ўдзячны. На мой погляд, той, хто завёў пчол, нягледзячы на розныя цяжкасці, не развітаецца з гэтым заняткам доўгі час. Да пчол мяне цягне, нібы магнітам. Люблю сачыць за імі, завіхацца на пчальніку. Дружнае «ж-ж-ж» добра здымае стому і нервовае напружанне, — прызнаецца Міхаіл Рацэеў.

Пчаліныя хаткі, рамкі і іншыя патрэбныя рэчы Міхаіл Іларыёнавіч майструе сам. Ён добры цясляр. Гэты мужчына нечым нагадвае сваіх любіміц — пчолак. Ён такі ж руплівы, заўжды нечым заняты, некуды спяшаецца...

— Жыццё — гэта пастаянны рух. Трэба працаваць. Не быць лайдаком! Неабходна мець пэўны занятак для душы. Не дазваляць сабе ленавацца. Умець радавацца жыццю, — распавядае гаспадар.

Лідзія Іванаўна і Міхаіл Іларыёнавіч Рацэевы выхавалі дзвюх дачок — Ларысу і Лілю, якія працуюць урачамі. Ларыса — стаматолаг у Касцюковічах, а Ліля — хірург у Мінску. Дзеці стварылі ўжо і свае сем’і. Старэйшая з дачок падарыла бацькам унучку Аляксандру. Дарэчы, гэта вясёлая трохгадовая дзяўчынка не застаецца ў баку ад захаплення дзеда. Яна цікавіцца ў яго жыццём пчолак, імкнецца дапамагаць дарослым.

Таццяна Падліпская

 

Разработка и сопровождение
КУП «МОЦИС», г.Могилев

© 2024
Климовичский районный исполнительный комитет
Официальный сайт