6 июля 2024, 05:24
rubeen
logo

Климовичский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213633, г. Климовичи, пл.50 лет Великого Октября, д.2
Приемная: (02244) 7-78-01, факс (02244) 7-79-52
E-mail: rik@klimovichi.gov.by
Среда, 12 июля 2017 12:13

А на Івана Купалу...

Купальскія вогнішчы, сустрэчы з русалкамі, вянкі на рацэ — з даўніх часоў продкі верылі, што ў гэтую чароўную ноч з людзьмі могуць адбывацца ўсялякія цуды. Верылі, што на свята Купалля, па народных павер’ях, вада можа сябраваць з агнём і гэты саюз з’яўляецца прыроднай сілай.

Ноч з 6 на 7 ліпеня лічылася чароўнай. У гэты час адзначалі старажытнае свята Івана Купалы.

Як вядома, славяне да прыходу праваслаўя пакланяліся шматлікім багам, адным з якіх быў бог лета Купала. Яго апісвалі як прыгожага маладога мужчыну ў вянку з жоўтых кветак. Маецца сумная легенда. У раннім дзяцінстве Купала быў разлучаны са сваёй роднай сястрой, а потым, сустрэўшы яе праз шмат гадоў, закахаўся ў чароўную дзяўчыну і ажаніўся з ёй, ня ведаючы, што звязаў сябе вузамі са сваячкай.

Скончылася гэтая гісторыя трагічна: даведаўшыся праўду, брат і сястра ўтапіліся.

Таксама, па павер’і, у ноч на Івана Купалу дрэвы пераходзяць з месца на месца і размаўляюць паміж сабой пошаптам лісця. Гутараць адзін з адным жывёлы і нават травы, якія гэтай ноччу напаўняюцца асаблівай, цудадзейнай сілай.

Для дзяўчат мелася верная прыкмета, звязаная з зёлкамі: у поўнач трэба было нарваць кветак з заплюшчанымі вачамі ды пакласці іх пад падушку, а раніцай праверыць, ці набралася 12 розных траў. Калі так, то дзяўчына ў гэтым годзе магла чакаць жаніха.

Але галоўным героем Іванава дня з’яўляецца кветка папараці. Кажуць, што роўна апоўначы ўсяго на некалькі імгненняў раскрываецца яе чароўнае вогненнае вока і што таму, хто паспее яе сарваць, становіцца бачным любы клад, як бы глыбока гэты клад ні знаходзіўся, і ўсе жаданні ўладальніка кветачкі папараці спраўджваюцца.

На нашым свяце Купалля ў гарадскім гаі сабралася шмат клімаўчан. Тыя, хто прыйшлі, трапілі ў свет міфаў, казак і таямніц. Вадзілі карагоды вакол вогнішча, весяліліся, гулялі ў розныя гульні.

Традыцыйна на свяце гучалі купальскія песні, якія людзі з задавальненнем спявалі разам з артыстамі.

Як і заўсёды, працаваў выязны гандаль: тут вам і марозіва, і шашлыкі, і прысмакі, і сокі з іншымі безалкагольнымі напоямі. Для малых бацькі куплялі сувеніры, цацкі. Таксама стаялі батуты, з якіх даносіўся вясёлы звонкі дзіцячы смех, бо малыя з задавальненнем скакалі па сетцы.

Знайшлася і кветка папараці, якую надзейна ахоўвалі ўсялякія нячысцікі і сама купальская ноч.

Ролі Купаліша і Купалінкі выконвалі Дзмітрый Агееў і Вікторыя Іванова.

Можна не сумнявацца, што клімаўчане атрымалі шмат задавальнення ад свята і будуць з нецярпеннем чакаць наступнага года, каб зноў прыйсці на Купалле.

Людміла Рыськова

 

Разработка и сопровождение
КУП «МОЦИС», г.Могилев

© 2024
Климовичский районный исполнительный комитет
Официальный сайт