5 июля 2024, 10:21
rubeen
logo

Климовичский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213633, г. Климовичи, пл.50 лет Великого Октября, д.2
Приемная: (02244) 7-78-01, факс (02244) 7-79-52
E-mail: rik@klimovichi.gov.by
Пятница, 27 апреля 2018 16:23

25 красавіка Клімавіцкая раённая газета адзначыла стогадовы юбілей

Вось і мінула стагоддзе, як убачыў свет першы нумар раённай газеты. 25 красавіка 1918 года клімаўчане атрымалі «Известия Климовичского уездного Исполнительного комитета Советов крестьянских и рабочих депутатов».

Першым рэдактарам перыядычнага выдання стаў старшыня павятовага камітэта партыі Іван Захаравіч Сурта. Газета ў той час выдавалася на рускай мове два разы на тыдзень. Было надрукавана каля 60 нумароў пад такой назвай.

З 9 мая 1919 года раёнка пачала называцца «Клімавіцкая бедната».

У 1924 — 1927 гадах на Клімаўшчыне выходзіць «Наш працаўнік».

У 1930 годзе раёнка называецца «Камуна».

У апошнія тры з паловай месяцы акупацыі раёна газету выдавалі партызаны, і тады яна мела назву «За Савецкую Радзіму».

Ужо на трэці дзень вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў з 30 верасня 1943 года клімавіцкая раённая газета змяніла назву на «Молат».

З красавіка 1962 года па 30 снежня 1991 года наша раёнка мела назву «Новае жыццё».

З 1 студзеня 1991 года і па сённяшні час раённую газету ў Клімавічах ведаюць як «Родную ніву».

Папрацаваўшы з архівамі, мы даведаліся, што за ўвесь пасляваенны час у рэдакцыі працавалі больш як 150 землякоў. Для многіх з іх газета была першым і апошнім месцам працы. Было ж нямала і тых, хто звязаў свой лёс з іншымі месцамі былога Савецкага Саюза.

У свой час селькорамі раёнкі былі вядомыя пісьменнікі — браты Алесь і Павел Пруднікавы, Іван Новікаў, Павел Кавалёў. У газеце друкаваліся Аляксей Кулакоўскі, Анатоль Вярцінскі, Эдуард Вяржбіцкі, Таццяна Дзмітрусёва, Яфім Златкін, Іван Знаткевіч, Уладзімір Дуктаў, Мікалай Падабед, Браніслаў Прошка, Іван Салаўёў.

З раёнкай супрацоўнічалі Паўлюк Трус, Міхась Чарот, Кузьма Чорны, Алесь Дудар, Пётр Прыходзька, Іван Пехцераў і іншыя. Цікава, але свае першыя творы ў Клімавічах надрукавалі Платон Галавач і Аркадзь Куляшоў.

3 мая 1988 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР раённая газета «Новае жыццё» ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. У той час калектывам рэдакцыі кіраваў Іван Іванавіч Журко. У былых супрацоўнікаў засталіся аб ім толькі добрыя ўспаміны.

На жаль, час не шкадуе нас. Назаўсёды ў сэрцах журналістаў застануцца імёны нашых калег Віктара Аўрамавіча Кавалёва, Мікалая Мікалаевіча і Раісы Лаўрэнаўны Глуздовых, якіх няма з намі.

Безумоўна, газета — гэта праца калектыўная. У «Роднай нівы» — шматлікі пазаштатны аўтарскі актыў.

У раёнцы некалькі гадоў дзейнічаюць творчыя праекты «Вёсачка мая», «За і супраць», «Субацея» і іншыя.

У 2018 годзе мы пачалі праект, прысвечаны папулярызацыі беларускіх народных абрадаў.

Сёння раёнка мае сайт і групы ў сацыяльных сетках, якія наведвае каля 5 тысяч чалавек.

Разам з вамі, паважаныя чытачы, мы арганізуем і праводзім фотаконкурсы, круглыя сталы і іншыя цікавыя мерапрыемствы.

Мінавіта дзякуючы нашым падпісчыкам, раёнка не страчвае сваёй актуальнасці.

Дзякуй усім за супрацоўніцтва! Паважаны чытач, дзякуй, што мы разам!

Калектыў раённай газеты «Родная ніва»

 

Разработка и сопровождение
КУП «МОЦИС», г.Могилев

© 2024
Климовичский районный исполнительный комитет
Официальный сайт